31 December 2012

Вязаны шлем / knited helmet

З надыходзячым Новым Годам! Новых творчых поспехаў і самарэалізацыі! Загадвайце жаданні, пішыце планы, распавядайце пра гэта ўсім  - і ўсё здзейсніцца!

У 2012 годзе я з Францішкам упершыню трапіла на фотасесію да Вольгі Гарчычка, і гэта аказалася сапраўднай казкай!

На гэтым фота мой сын у шапцы-шлеме, якую я звязала да яго Народзінаў, ён яе вельмі любіць, ганарыцца мамінай працай, і ўсім пра гэта распавядае, калі незнаёмыя цётачкі ў краме кранаюць яго за аграменныя пунпончыкі )) Шапка цёплая - звязана з 2-ой ніці і на флісавай падкладцы.


13 November 2012

Шапачка-коцік і пінеткі для фотасесіі / knitted hat and baby's bootees

Камплект з шапачкі-коціка і пінетачак быз звязаны спецыяльна для фотасесіі ў Вольгі Гарчычка для мілага хлопчыка Цімошкі. Такі ў яго засяроджаны погляд, як у прафесійнай мадэлі! І шчочкі пухленькія, але ў меру. І вочкі такія разумныя! Маміна і татава радасць )) Адчуваецца, што гадуецца ў любові і цеплыні! З мамай Наталляй, на жаль, так і не паспелі пазнаёміцца асабіста, але было мне дужа-дужа прыемна размаўляць з ёй па тэлефоне, перапісывацца, абмяркоўваць дэталі - ветлівая, добразычлівая, ураўнаважаная і вельмі пазітыўная спадарыня! Шчасця гэтай прыгожай сям’і!

Шапулю, пакуль вязала, прымярала на свайго ўжо дарослага сына, і думала пра тое, што і Цімошка будзе насіць камплект доўга, таму і атрымаўся на выраст. Ну, практычная я )))) З флісавай падкладкай.

Пад катам фота з дэталямі.



07 November 2012

Майткі пад купальнік / Panties

У далёкім 2005 адна мая сяброўка Надзя выходзіла замуж за добрага чалавека, але з Канараў )). На вяселле падарункі прасіла лёгкія па вазе, бо пераязджала туды жыць, а рэчаў з сабой на самалёт шмат не возьмеш. Мяне, як рукадзельніцу, вельмі прасіла звязаць ёй купальнік, бо сама яна - чыстай вады праграміст, ну, яшчэ і выдатная піяністка, я вам скажу )) Я звязала блакітны раздзельны купальнік - яна ў ім мядовы месяц правяла на пляжу, ну, і пра яго я ўжо і забылася...

А тут нядаўна Надзя мне паведамляе, што так і носіць мой купальнік! Праз 7 год!!! І дзе - на КАНАРАХ!!!!! У мяне слёзы выступілі на вачах... І  вырашыла я працягнуць жыццё гэтага рарытэту і пад стары блакітны верх звязаць новыя трусы, ужо з сучаснай эластычнай стрэйчавай ніці. І нават знайшла дома маленечкі клубочак тых блакітных, з якіх зрабіла вышыўку, каб гарманавалі.

Фота мадэлі на Канарах пад пальмамі чакала-чакала, ды, мабыць, і там не сезон на плаванне... Таму - пакуль на манекене.




31 October 2012

Рукавіца-напіўніца / Mitt for a beer

Існуе такая група людзей, хто п’е піва ў вялікім аб’ёме не залежна ад часу сутак, дня тыдня і пары году. Напраўду, узімку піва імі спажываецца не ў меншай колькасці за лета. Але з’яўляюцца некаторыя нязручнасці: калі піць халоднае - гэта працэс прыемны, аднак трымаць ледзяную бутэльку ці бляшанку ў руках вялікага камфорту не дастаўляе. Для такіх выпадкаў мною быў распрацаваны спецыяльны гаджэт - рукавіца-напіўніца з падвойнымі сценкамі.

Выдатны падарунак для каханых мужчынаў (і не толькі) на навагоднія святы )) 










10 October 2012

Насценны скураны гадзіннік / Leather clock

Мая любімая скура... Як мала я з ёю працую... Так захапілася вязаннем, а вольных гадзін у сутках так мала...

І вось - такая функыянальная рэч, ды яшчэ і аздабленне інтэр’еру. Рама гадзінніку - дуб. Фон сабраны са шматлікіх простакутнікаў, абцягнутых скурай. Вельмі прыгожа падабраліся адценні карычневага, давольна вынікам ))




01 October 2012

Сустрэча беларускіх рукадзельніц / Meeting of Belarusian craftswomen

На мінулыя выходныя я ездзіла ў Менск і сустракалася там са сваімі новымі сяброўкамі-калежанкамі па рукадзеллю, якія вядуць свае блогі па-беларуску. Але так ужо выйшла, што адначасова сустрэцца нам усім у той дзень не атрымалася з-за ўсеагульнай занятасці...

Спачатку была цудоўная дзіцячая кавярня з прысмакамі і Жанай! А затым адразу ж з Вольгай і з неменшай колькасцю салодкага ))) Дзяўчаты, вы такія прыемныя дамы!!! І такія розныя ў плане вядзення дыялогаў - з Жанай я па-большасці выступала ў ролі слухачкі, а з Вольгай у мяне сківіца забалела))) Ёсць у нас і яшчэ адна калежанка - Марыя, няхай зайздросціць і плануе наступную сходку, а мы ўсе пад яё падладзімся, бо Марыя болей за ўсіх нас працуе і, адпаведна, прадае, чаму і нас, спадзяемся, навучыць))

Жана прапанавала распачаць працу над адным вельмі цікавым праэктам, які аб’яднае беларускіх рукадзельніц дзеля папулярызацыі і павышэння продажаў нацыянальных тавараў. Як добра, што ўсе мы сустрэліся на прасторах Інтэрнэту і пазнаёміліся! Зычу нам усім натхнення і рэалізацыі планаў! Мы ўсе робім вялікую справу дзеля любімай Беларусі!

А яшчэ я атрымала падарунак ад Вольгі - нататнік!!! Даўно сачу за творчасцю аўтаркі, захапляюся яе майстэрствам і акурантнасцю! Нядаўна Вольга праводзіла розыгрыш цукеркі з прызам-нататнікам, і мне так хацелася яго выіграць!!! Але... І вось зараз я трымаю яго ў руках і ўсё яшчэ сумняваюся, ці запісываць мне ў яго свае меркантыльныя планы, ці яшэ падумаць...Які ж ён акуратны і стылёвы! Мой сябра, убачыўшы сплецены ўручную каптал, адразу прапанаваў працу ў сваёй тыпаграфіі! Вось фота ))


18 September 2012

Міценкі на нагу

Вой-вой, ледзь не забылася!!! У тую ж самую Чарнагорыю разам з купальнікам і сарафанам вязаліся ў камплект такія мілыя ўпрыгожванні на нагу, альбо - міценкі. Чорныя цалкам паўтараюць малюнак з купальніку  і выглядалі цэльным камплектам на пляжы. Белыя з адвольным малюнкам ))



10 September 2012

Топік, вязаны кручком / Crochet topic

У тую ж самую Чарнагорыю, як і купальнік, ездзіў сарафанчык. Я вязала да яго верх - топік, а потым да яго яшчэ прышылі спаднічку. Вязаўся на 48 памер, таму ні манекен, ні мая стройная суседка не змаглі перадаць усю прыгажосць - можна заўважыць складачкі на грудзі. Ніткі стрэйчавыя - таму сядзіць ідэальна! Бонусам ад мяне было ўпрыгожанне на шыю, якое яшчэ можна выкарыстоўваць як бранзалеты. Вяжуцца зусім проста - 2 палосачкі з дзірачкамі, якія паміж сабой пераплятаюцца.

Пад катам фота з дэталямі.

06 September 2012

Цэльны чорны вязаны купальнік / Crochet swimsuit

Апошні піск моды - вязаны купальнік! А тут яшчэ і цэльны, ды са стрэйчавых нітак - у носцы ён як сапраўдны, фабрычны. Эластычны, выдатна аблягае фігуру, на пляжы ў такім будзе немагчыма застацца незаўважанай!

 Вязала на заказ для сваёй знаёмай Юліі, яна на гэтым тыдні вярнулася з Чарнагорыі, для адпачынку ў гэтай краіне купальнік і прызначаўся. Я доўга не выкладывала яго тут, спадзявалася на фотакарткі пад пальмамі, але... на іх не хапіла часу ))) Але тое, што Юля выклікала фурор - то гэта адназначна! Да гэтага купальніку яшчэ прыкладаўся бонус - міценкі на нагу, але іх выкладу асобным постам.

Пад катам шмат фота з дэталямі.

29 August 2012

Мае новыя ніткі / My new yarn

Зусім нядаўна мая калега па рукадзеллю Аня-Кімулечка хвасталася на сваім блогу аграменнымі ніткамі, купленымі ёю ў Інтэрнэт-краме "КупіКлубок". Мне з той пакупкі перапала толькі 2 маткі, і мой Хамяк мяне грыз і вельмі прасіў такога ж скарбу ў нас дома, у які я магла б запускаць рукі і млець ад шчасця ад дакрананняда да мяккага, прыгожага і якаснага. А яшчэ Хамяк жадаў, каб мае планы на будучае, якія і зараз ужо запісаны ў тры калонкі, з аднаго боку - павялічваліся, з другога - рэалізоўваліся.

І вось мая святочная хвіліна, калі на вошце мне ўручылі мех такіх памераў, з якім св. Мікалай ходзіць на Калядкі, настала! Вось яно - маё багацце (на дадзеныя месяц-два, спадзяюся, бо задаволіць голад Хамяка пасля такога аператывуу будзе ўжо цяжка)!!! Буду радаваць вас усімі сваімі новымі вязалкамі, абяцаю!


28 August 2012

Дзіцячае крэсла, перацягнутае джынсам

Новае дзіцячае крэсла з цыраты пачало рвацца вельмі хутка. Каб спыніць разбурэнне, вырашыла абцягнуць яго джынсам. Люблю працаваць з карыстаным джынсам, бо гэта экалагічна - даваць другое жыццё натуральнаму матэрыялу.


Працай сваёй я засталася так задаволена, часта здымаць і мыць не планавала, таму паўстала пытанне пра чахлы. Лянота - рухавік прагрэсу, таму я хадзіла па Сэканд-хэндах і шукала штаны вялікага памеру, з шырынёй штанін не меней 47 см, каб не перашываць іх ))) Атрымалася 2 штукі на змену. Калі-небудзь і прадаць крэсла будзе не сорамна)))) І сын, і котка адразу палюбілі сядзець на ім ))))


20 August 2012

Аксэсуары для фотасесіі / Аccessories for a photo session

Вось якія цудоўныя фотакарткі былі зроблены з маімі звязанымі кручком акэсуарамі дзіцячым фатографам Вольгай Гарчычка  з гораду Гродна. І карона, якую я ўжо паказвала тут на маім сыне, і чорны капялюшык так выгодна зайгралі на сапраўдных мадэлях і ў руках фатографа-прафессіянала.




14 August 2012

Скураны заплечнік (майстар-клас) / Leather backpack

Не так даўно лазіла па Інтэрнэце па скураных пытаннях і... першы раз у жыцці знайшла сябе!!! Не толькі сваю працу, але і сябе! 5 год назад я пісала некалькі артыкулаў па вязанню і мастацкай апрацоўцы скуры ў газету  "Толока. Делаем сами". І таму, калі я ўбачыла на гэтым сайце свае фотакарткі, у мяне ўзнікла першая думка  - мяне сплагіацілі. Але аказалася, што яны не толькі захавалі аўтарства і першакрыніцу, але і падрэзалі мне галаву на ўсялякі выпадак ))

Перапісываць і перакладаць свой майстар-клас не бачу сэнсу, а вось фотакарткі прымацую. Чытаць тэкст па-расейску тут.
Люблю я вельмі-вельмі свой заплечнік! Служыць ён мне верай і праўдай вось ужо 8 год. Я з ім і на тэлебачанне была запрошана, па ім мяне пазнаюць у горадзе, ён прыцягвае да сябе шмат увагі - так і хочацца ўсім яго патрымаць у руках! З часам колер яго змяніўся, швы трошкі зацёрліся, але хоць ні ў водным месцы ён не быў прашыты на машынцы - ён захаваўся вельмі трывалым. Бачна, што я рабіла яго з любоўю і на доўгае агульнае сяброўскае жыццё )))

Шмат фота з дэталямі пад катам.

22 July 2012

Ігольніца-манекен / Needle case "Mannequin"

Для сваёй любімай сястрыцы на Народзіны зрабіла сувенір, які будзе мець для яе вялікае практычнае прызнаначэнне, бо працуе мая сястра ў Менскім Купалаўскім тэатру ў пашывачным цэху канструктарам! Хвалявалася я дужа, бо партніха з мяне ніякая, а замахнулася здзівіць прафесіянала! І якая ж я была шчаслівая, калі пачула, што сястра колькі хвілін у руках манекен круціла, і ўсё думала, што ён у краме куплены ))) Лепшы камплімент для рукадзельніцы )))

15 June 2012

Купальнік, вязаны кручком / Crochet swimsuit

Ну вось, да пачатку новага летняга сезону паспела для сваёй сястры Волі зрабіць прэзент - купальнік у яе любімых танах. Блакітны меланжавы я звязала ёй раней, сястра яго насіла. Але зараз у продажы з'явіліся стрэйчавыя ніткі, і мы вырашылі перавязаць трусы, каб яны сталі зручнымі ў нашэнні. Ну, і кветачак давязала, каб спалучыць абедзве часткі.

Мы з сястрой не такія мадэлі, каб сябе выстаўляць публічна, таму фота толькі на манекене )))


03 June 2012

Вязаная карона для фотасесіі / Knitted crown for a photoshoot

Як проста стаць прынцам альбо прынцэсай у нашыя дні - ужо не трэба даказываць наяўнасць высокіх тытулаў, дастаткова толькі зрабіць фотасэсію ў адпаведным строі. Можна абыйсціся без вычварных убораў, але ніяк не без кароны. Напрыклад, такой - ажурнай і маленькай, выкананай у высакародным металічным колеры )))


09 May 2012

Летняя шапачка, вязаная кручком, са зменнымі кветкамі / Summer crochet сap with removable flowers

На першыя Народзіны сваёй пляменніцы вырашыла парадаваць яе летняй шапачкай са зменнымі кветкамі. Кветкі прымацавала магнітнымі кнопкамі, па-сучаснаму ))

Сын мой, у адрозненне ад іншых дзетак, галаўныя ўборы любіць, - у гэтай шапачцы доўгі час красаваўся перад люстэркам і з радасцю пагадзіўся выступіць у ролі мадэлі, хоць і памер галавы ў яго даўно перарос гадавалыя нормы )))

Такую самую звязала для яшчэ адной гадавалай дамы - дачцэ маёй сяброўкі. Буду чакаць фота )))


11 April 2012

Торба, вязаная кручком / Crochet purse

Мая першая торба знайшла сваю гаспадыню - я доўга і старальна працавала над ёю дзеля прэзенту на Народзіны маёй новай, але ў той жа час такой блізкай па духу, сяброўцы Юліі. Торбачка звязана з 36 элементаў, пасаджана на падкладку, мае ўзмоцненыя шнурамі ручкі. Юля засталася давольна абноўкай!

10 April 2012

Жоўты шалік у тэхніцы стужкавых карункаў / Yellow scarf in the technique of tape laces

Нядаўна вязала такі ажурны чырвоны шалік для сяброўкі - вядома, захацелася і сабе :) Такога яркага і чыстага жоўтага колеру ў краме была толькі мерсіраваная бавоўна. Ніткі - вельмі прыгожыя!!! 50% віскозы. Але вязанне было жудасным: ніткі слаіліся, і таму працэс вельмі зацягнуўся. Затое вынікам я засталася задаволеная!


09 April 2012

Арганайзер для спіц і кручкоў / Knitting needle organizer

Нарэшце!!! Колькі стала парадку на працоўным месцы!!!

Шыццё - адна з нешматлікіх галін рукадзелля, у якой я слабачка. Строчку зрабіць - усё, на што я здатна. Мой 100-гадовы "Зінгер", што перайшоў мне ў спадчыну, часам нават выконвае свой прамы абавязак, акрамя як дапаўняць інтэр'ер :) - дапамагае мне ў маіх намаганнях. Толькі ён змог безпраблемна прастрачыць 8 слаёў джынса!!!


05 March 2012

Вязаны кактус "Lophophora" / Crochet cactus

Калі я прэзентавала знаёмай па танцах Юліі падстаўку пад алоўкі, яна пашкадавала іх туды ставіць. Я падстаўку забрала, вырашыла што-небудзь связаць у яе, каб выкарыстоўваць у якасці вазы. І я звязала кактус. А ён прапарцыйна не падыйшоў да вазы, і, такім чынам, у Юліі атрымалася 2 падарунка :)
А кактус - быў падобны на "Astrophytum", але ў таго кветкі жоўтыя. Ну, няхай будзе "Lophophora" (толькі ў яго дзетка не так тырчыць), так цікавей! ))


Шалік у тэхніцы стужкавых карунак / Scarf in the technique of tape laces

Мой першы вопыт вязання стужкавых карунак. Гэты шалік - мой падарунак сяброўцы на 8 сакавіка. Мы з ёй так доўга выбіралі мадэль: я прапаноўвала кветкавыя пышныя ўзоры, але дзяўчыне захацелась нешта болей сціплае, аднатоннае чырвонае. Пасля заўтрашняга ўручэння мы арганізуем фотасэссію ў поўным камплекце - разам з чырвонымі ботамі, торбай, і комплектам чорна-чырвоных браслетаў, якія я прзентавала ёй год назад. Чакаем...


Капялюшык для фотасэсіі / Hat for a photo session

Адна мая знаёмая рукадзельніца у вельмі хуткім часе ў другі раз стане мамай - яна чакае другога сыночка. Разам з яшчэ адной рукадзельніцай, кулінарам і сямейным фатографам у адной асобе, яны  вырашылі замацаваць у памяці гэтыя прыемныя моманты чакання цуду. І вось што ў іх атрымалася:


Я звязала для фотасэсіі капялюшык. А мадэль - гэты аграменны плед, на якім яна ўжо добра набіла руку, і браслеты. Браслеты былі яе першым вопытам вязання спіцамі, а тут яшчэ і ўзор з "косамі", скажу па сакрэту! Маладая мамачка вельмі добрая ўчаніца - апантаная, натхнёная і ўмее вельмі хутка вязаць :)

18 February 2012

Сувенір "Падстаўка пад алоўкі" / Pencil holder

Ёсць у мяне знаёмая Юлія, калега па танцах, і працуе яна галоўным бухгалтарам. На Народзіны вельмі мне хацелася зрабіць для Юлі які-небудзь самаробны падарунак. А так як я чалавек вельмі практычны, то і да выбару падарункаў таксама стаўлюся сур'ёзна - каб падарунак не на паліцы пыліўся, а быў у актыўным выкарыстанні. Такім чынам з'явілася падстаўка пад алоўкі і асадкі.


04 February 2012

Візітніца са скуры / Leather business card holder

Вельмі мне хацелася павіншаваць з Калядамі маіх сяброў у Польшчы. Вядома, вырашыла прэзентаваць нешта сваё самаробнае. Акрямя агульных падарункаў - елкі і сняжынак, Катажына атрымала мае "фірмовыя" бранзалеты :), а муж яе, Анджэй, імянную візітніцу. Гэта быў мой першы вопыт пасля 5-гадовага перапынку працы са скурай, таму я вельмі хвалявалася, але рэзультат мяне задаволіў.




29 January 2012

Шалікі "Dantela"/"Flamenko" / Scarves

Даўно не вязала сабе шалікаў, а павальнае захапленне маіх сябровак вязаннем з пражы "FLAMENKO", прымусіла і мяне падбраць сабе колер. Вось уж праўда: апранула яго і адразу - зорка!


А гэты прыгожы пяшчотны ружовы колер мы з сяброўкай падабралі для яе на вясну ў якасці абноўкі. І атрымалася вось так:


Беларуская паштоўка на Валянцінаў дзень / Belarusian postcard for Valentine's Day

Мая першая паштоўка! І колеры мае любімыя: шакалад і бэж. А катоў люблю таму, што гэта касмічныя стварэнні, яны пасланыя на Зямлю, каб навучыць людзей дабрыні і пяшчоце. Мая Руся шмат чаму добраму навучыла, жывучы са мной. Любові ў першую чаргу. Кахання вам усім, мае сябры і заёмыя, а хоць і незнаёмыя, але няхай і вы будзеце жыць у любові )))


Вязаная шапка для мужа / Knitted hat for my husband

Быў у майго мужа шалік, даўно мною куплены, з модным спалучэннем колераў: шакалад, аліўка, беж, белы. І вельмі ж мне захацелася мужу на Новы Год звязаць шапачку ў камплект - цёмна-шакаладную, але з салатавай каёмачкай. Доўга шукала гэтую нітку для аддзелкі, але ўсё атрымалася! Я засталася вельмі давольна сваёй акуратнай працай, а муж, у сваю чаргу, - сваім падарункам!

ЗЫ: ніткі шакаладнага колеру засталіся, іх хопіць на яшчэ адну шапачку. Можа каму трэба таксама
падабраць пад любімы шалік?!


18 January 2012

Вязаныя бранзалеты / Knitted bracelets

Вязаннем бранзалетаў я захапілася з пачатку году, і гэты працэс мне так спадабалася, што праблемы з падарункамі для сябровак ў гэтым годзе не існавала. І нават атрымала сваю першую замову: бежавыя браслеты пад вязаную сукенку.




17 January 2012

Сняжынкі, вязаныя кручком / Crochet snowflakes

У гэтым годзе вырашыла навязаць сабе і сваім сябрам ў падарунак сняжынкі. Толькі каб яны зусім не былі падобныя на сурвэткі. Здаецца, атрымалася вельмі рэалістычна. Самае ўдалае іх прызначэнне - падвесіць за дожджыкі да столяў.